Электрастанцыі ў Беларусі могуць стаць прыватнымі

У Беларусі распрацоўваецца законапраект, які прадугледжвае прыватную ўласнасць у сферы электраэнергетыкі.
Пра гэта паведаміў першы намеснік прэм'ер-міністра Ўладзімір Сямашка, выступаючы ў парламенце. Паводле яго слоў, законапраект плануецца ўнесці ў Палату прадстаўнікоў у бліжэйшай перспектыве.

Сямашка адзначыў, што прыцягненне прыватнага капіталу неабходна ў сувязі з тым, што да 2020 года ў развіццё энергетычнай сферы неабходна будзе інвеставаць 32 мільярды долараў.

Акрамя таго, хуткім часам у парламент павінен паступіць законапраект аб развіцці малой і нетрадыцыйнай энергетыкі. Ён прадугледжвае, што малыя электрастанцыі могуць быць прыватнымі, перадае БелаПАН.