ЕНП: На выбарах прэзідэнта Беларусі дэмсілам трэба мець адзінага кандыдата!

Раніцай 14 лістапада лідэры Аб’яднанай грамадзянскай партыі Беларусі сустрэліся з намеснікам старшыні Еўрапейскай народнай партыі (ЕНП), дэпутатам Еўрапейскага парламента з Нідэрландаў Корын Вортман-Коль. Лідэр АГП Анатоль Лябедзька адзначыў, што яго партыя лічыць драбненне дэмакратычных сіл ва ўмовах цвёрдай аўтарытарнай сістэмы стратэгічнай памылкай. “Прысутнасць партыі ў шырокай кааліцыі не мяшае рэалізоўваць праекты з ідэалагічным напаўненнем”, — цытуе сп. Лябедзьку сайт АГП.
 
Спадарыня Вортман-Коль адзначыла, што “...фракцыя ЕНП у Еўрапарламенце падтрымлівае пазіцыю фармавання беларускай дэлегацыі ў Асамблеі “Усходняе партнёрства” на парытэтных пачатках ад улады і апазіцыі”. Таксама намеснік еўрапейскай народнай партыі заявіла, што “падчас прэзідэнцкіх выбараў беларускім дэмакратам важна аб'яднацца і мець аднаго кандыдата”.