ЕС пашырыць “чорны спіс” беларускіх чыноўнікаў

Пра гэта заявіў амбасадар Венгрыі ў Беларусі Ферэнц Контра. З яго словаў, Еўрасаюз не хоча бачыць на сваёй тэрыторыі людзей, якія здзекуюцца з грамадзянскай супольнасці ў Беларусі і патрабуюць пяць гадоў турмы ўдзельнікам акцыі 19 снежня, паведамляе “Наша ніва”.

Дыпламат лічыць, што “суды ў Беларусі не зусім самастойныя”. Калі б суды былі дэмакратычнымі, то гэтых людзей пакаралі бы максімум штрафам ці адміністрацыйным арыштам, заявіў спадар Контра.

Ён заўважыў, што рэакцыя ЕС не была пачутая ў Мінску. “Усё больш палітыкаў у ЕС выступаюць за ўвядзенне ў дачыненні да Беларусі кропкавых эканамічных санкцый”,паведаміў ён. “Калі наш голас не будзе пачуты, у нас проста не застанецца нічога іншага, акрамя ўвядзення далейшых санкцый. Палітычны дыялог паміж Беларуссю і ЕС не атрымліваецца”, заявіў дыпламат.