Еўракамісар Беніта Ферэра-Вальднер можа ачоліць ЮНЭСКА

Еўракамісар ад Аўстрыі Беніта Ферэра-Вальднер, якой даручаныя знешнія сувязі і еўрапейская палітыка суседства, не плануе працягнуць працу ў Еўракамісіі новага складу. Яна разлічвае стаць генеральным дырэктарам ЮНЭСКА, паведамляе РИА "Новости". "Калі я стану адказнай за працу ЮНЭСКА ў якасці генеральнага дырэктара, я надам гэтай арганізацыі палітычны профіль і паспрабую зрабіць яе заўважнай", — кажа Беніта Ферэра-Вальднер.

Фармаваннем Еўракамісіі новага складу зоймецца яе новы кіраўнік. Нагадаем, лідэры 27 краін Еўрасаюза на чэрвеньскім саміце ў Бруселі выказаліся ў падтрымку кандыдатуры партугальца Жазэ Мануэла Барозу на пасаду старшыні Еўракамісіі. Аднак для таго, каб ён зноў ачоліў выканаўчую ўладу ЕС, патрабуецца згода Еўрапарламента. Галасаванне па гэтым пытанні пройдзе 16 верасня падчас сесіі Еўрапарламента ў Страсбургу.