Еўракамісар сустрэнецца з Лукашэнкам і прадстаўнікамі апазіцыі

Еўракамісар па знешніх сувязях і палітыцы добрасуседства Еўрасаюза Беніта Ферэра-Вальднер прыедзе сёння вечарам з Бруселю ў Мінск. 12 сакавіка пачынаецца яе афіцыйны візіт у нашую краіну.
Нагадаем, гэта другі візіт у Беларусь еўрачыноўніка такога ўзроўню за апошні месяц і за апошнія дзесяць гадоў. 19 лютага ў Мінску быў Хаўер Салана, генеральны сакратар Савета ЕС. Як адзначае сайт kp.by, Беніта Ферэра-Вальднер мае намер сустрэцца з Аляксандрам Лукашэнкам, чыноўнікамі МЗС, прадстаўнікамі апазіцыі, недзяржаўных арганізацый, журналістамі.

Як заявіла ўчора ў інтэрв'ю Reuters еўракамісар, Беларусь мусіць правесці больш палітычных рэформаў, перш чым Еўрасаюз пагодзіцца на больш цесныя стасункі. Яна падкрэсліла, што ў нашай краіны ёсць "шанец стаць бліжэй да Еўрасаюза", у прыватнасці, быць ахопленай праграмай ЕС "Усходняе партнёрства". Цяперашнюю сітуацыю ў нашай краіне Беніта Ферэра-Вальднер ахарактарызавала як "два крокі наперад, адзін назад".