Еўракамісару прасігналізавалі пра парушэнне правоў уласніка ў Беларусі

Прадпрымальнікі параілі Беніце Ферэра-Вальднер не абмяжоўваць свой візіт у Мінск наведваннем Адміністрацыі прэзідэнта
Днямі прадпрымальнік з Барысава Ігар Леднік і яго калега з Наваполацка Ўладзімір Журба накіравалі ліст еўракамісару па знешніх сувязях і палітыцы добрасуседства Беніце Ферэра-Вальднэр.

Як расказаў Еўрарадыё Ігар Леднік, ён удзельнічаў у міжнароднай грамадзянскай канферэнцыі па праграме “Ўсходняе партнёрства”, якая праходзіла ў Празе напярэдадні травеньскага саміта. Падчас канферэнцыі, кажа прадпрымальнік, шмат казалі пра тое, што гэтая праграма ўключае ў сябе шмат рэгіянальных бізнес-праектаў, накіраваных на развіццё мясцовай супольнасці. Менавіта для таго, каб паказаць, што прадпрымальнікі з рэгіёнаў Беларусі гатовыя да ўдзелу ў гэтых праектах, яны і накіравалі ліст еўракамісару.

Ігар Леднік: “Неабходна змяніць палітыку інвестыцыйную і не накіроўвацца адразу, калі прыязджаеш у Беларусь, у Адміністрацыю прэзідэнта, а падтрымліваць такія вось рэгіянальныя праграмы. У першую чаргу — уласнікаў: уласнікаў на прадпрыемствах, уласнікаў мясцовага самакіравання. Каардынацыйная рада індывідуальных прадпрымальнікаў мае такія праекты, каб праз гэтыя праграмы прасоўвацца на еўрапейскі рынак і каб вырашаліся тыя пытанні, якія і стаяць у межах гэтай праграмы”.

Апроч таго, кажа Ігар Леднік, яны хочуць звярнуць увагу еўракамісара на тое, што ў Беларусі парушаюцца правы ўласніка. І калі гэта не зменіцца, рэалізаваць рэгіянальныя праграмы ў рамках “Усходняга партнёрства” ў Беларусі будзе вельмі складана. Асабліва з улікам дзеяння ў нашай краіне жорсткага пакарання па эканамічных артыкулах Крымінальнага кодэксу.

Паводле некаторых звестак, сёння ў беларускіх турмах знаходзіцца каля 10 тысяч зняволеных, асуджаных “за эканамічныя злачынствы”. Прадпрымальнікі сцвярджаюць, што часта айчынных бізнесменаў пераследуюць “у карыслівых мэтах расійска-беларускай наменклатуры”.

Ігар Леднік спадзяецца, што еўракамісар можа паспрыяць станоўчаму вырашэнню пытання са змякчэннем эканамічных артыкулаў Крымінальнага кодэкса.

У сваім лісце Леднік і Журба пажадалі еўракамісару знайсці час і, калі яна будзе ў Мінску 21-22 чэрвеня, сустрэцца з прадстаўнікамі бізнеса і грамадзянскай супольнасці. Праўда, у размове з Еўрарадыё барысаўскі прадпрымальнік выказаў сумнеў, што такая сустрэча сапраўды адбудзецца — Ферэра-Вальднер, кажа, перш за ўсё будзе сустракацца з кіраўніком дзяржавы і яго атачэннем. Між тым, на яго думку, увесь “цяжар” паспяховага выканання праграмы “Усходняе партнёрства” Беларуссю ляжа на плечы незалежнага бізнеса.

Ігар Леднік: “Уся гэтая праграма “Ўсходняга партнёрства” будзе на бізнесе і грамадзянскай супольнасці базавацца. Канечне, палітычную волю трэба выпрацоўваць — ціснуць на ўрад, на кіраўніка. Але менавіта мы будзем выконваць гэтую праграму. І мы гэтым і займаемся. Наш ліст — гэта прапанова да супрацоўніцтва”.