"Еўраопт" выклаў сваю версію бойкі ў гомельскім супермаркеце (відэа)

Артыкул "Аргумент з падваротні" чытачы даслалі на сайт Onliner.by. Нагадаем, што здарэнне адбылося 10 жніўня. Бойка ахоўнікаў з наведнікамі, знятая на відэа, выклікала шырокі розгалас у інтэрнэце.



Па версіі кіраўніцтва "Еўраопта", п'яныя наведнікі — дзяўчына і хлопецзайшлі зранку ў краму, нецэнзурна выказваліся і абражалі як супрацоўнікаў крамы, так і іншых пакупнікоў. "Праходзячы міма каўбаснага аддзела, малады мужчына спецыяльна пхнуў каляску, напоўненую прадукцыяй, на прадавачку крамы, якая ў той час стаяла спіной да яго і была занята выкладкай каўбасных вырабаў у вітрыну. Затым у аддзеле абутку гэтыя пакупнікі зладзілі скандал, чым і прыцягнулі ўвагу супрацоўнікаў аховы і адміністратара крамы, а ў касавай зоне зладзілі канфлікт з іншымі пакупнікамі, якія стаялі ў чэргі наперадзе іх", — гаворыцца ў артыкуле.



Па версіі кіраўніцтва "Еўраопта", ахоўнікі бачылі, як дзяўчына з'ела дзве ці тры шакаладкі, але заплаціла толькі за адну. Завадатаркай бойкі называюць дзяўчыну, якая першая стукнула ахоўніка. Потым яго стукнуў і мужчына. "Падчас канфлікту супрацоўнікамі крамы двойчы націскалася трывожная кнопка выкліку Дэпартамента аховы МУС. Прыбыць на месца здарэння да таго, як канфлікт перарос у бойку, супрацоўнікі МУС не паспелі", — адзначаюць у артыкуле.



Разам з тым кіраўніцтва кампаніі расцэньвае ўжыванне сілы ахоўнікамі крамы як недапушчальнае. Таму ахоўнікаў за парушэнне службовай інструкцыі і нормаў прафесійнай этыкі звольнілі.