"Еўрапейскія дэмакратычныя студэнты" выставілі патрабаванні да ўладаў

"Еўрапейскія дэмакратычныя студэнты" патрабуюць ад уладаў Беларусі вызваліць усіх, хто ўтрымліваецца пад вартай, за ўдзел у акцыях 19 і 20 снежня і спыніць іх крымінальны і адміністрацыйны пераслед, паведамляе БелаПАН. У заяве зазначаецца, што, як і ў 2006 годзе, цяперашнія прэзідэнцкія выбары не былі прызнаныя АБСЕ, шэрагам краін Еўрасаюза, ЗША па прычыне зафіксаваных назіральнікамі парушэнняў і неадпаведнасці міжнародным нормам. "Адной з прычын прыняць такое строгае рашэнне адносна Беларусі паслужыла прымяненне найгрубейшай фізічнай сілы і арышты мірных дэманстрантаў, якія выйшлі ў знак пратэсту супраць фальсіфікацый выбараў", — гаворыцца ў заяве.


"Мы асуджаем незаконныя дзеянні сілавых структур Беларусі і заклікаем неадкладна вызваліць усіх тых грамадзян, якіх утрымліваюць пад вартай, затрыманых як прэвентыўна, гэтак і пасля заканчэння мірнай дэманстрацыі 19 снежня 2010 года, а таксама спыніць іх крымінальны і адміністрацыйны пераслед, адмовіўшыся ад усіх палітычна матываваных абвінавачанняў", — заяўляе ЕДС.

Заяву падпісаў старшыня ЕДС Бенс Баўэр.