Ф. Вячорка: У судзе назвалі мае "парушэнні" - выезд за межы Беларусі

Суд Маскоўскага раёна Мінску адмовіў у аднаўленні на журфаку БДУ актывісту дэмакратычнага руху Франаку Вячорку. Ён палічыў, што працэдура адлічэння Вячоркі не была парушаная. Адначасова было заяўлена, што актывіст спазніўся са зваротам у суд. Нагадаем, Франак Вячорка быў адлічаны з 3-га курса факультэта журналістыкі БДУ ў лютым сёлета "за акадэмічную непаспяховасць". Ён адбываў 15-суткавы адміністрацыйны арышт і не паспеў у час здаць сесію.

Дарэчы, сёння ў судзе выступаў прадстаўнік БДУ. Пра тое, што ён паведаміў, Еўрарадыё распавядае Франак Вячорка:

"Прадстаўнік факультэта з асаблівым цынізмам распавёў пра тое, што я, насамрэч, быў кепскім студэнтам і маю спагнанні ад камісіі па прафілактыцы парушэнняў і п'янства. Як аказалася, гэтыя "парушэнні" - гэта выезд за межы Рэспублікі Беларусь...".

Вячорка збіраецца падаваць касацыйную скаргу на рашэнне суда, а таксама плануе звярнуцца ў Вярхоўны суд і міжнародныя інстанцыі па правах чалавека:

"Я здавацца не збіраюся, збіраюся дамагацца свайго права на адукацыю".