“Фарш” па-мінску: абсурднае дзеянне супраць шэрай рэчаіснасці

Еўрарадыё паразмаўляла з адным з лідэраў сталічных аматараў інтэлектуальнага экстрыму Калі звычайным працоўным днём па дарозе да прыпынку вы заўважыце на ім людзей, якія сякуць рыдлёўкамі памідоры, альбо ў студзені пабачыце марафонцаў, што бягуць у адных майтках — не трэба думаць, што прыйшоў ваш час класціся ў “Навінкі”. Хутчэй за ўсё, вы сталі гледачом фарш-моб акцыі.

“Фаршынг як галіна псіхалагічнага інтэлектуальнага экстрыму мае сваёй мэтай публічнае дзеянне, падчас якога ўдзельнікі мусяць забыцца на свае ўласныя комплексы”, — гаворыць адзін з лідэраў мінскай фарш-моб суполкі Сяргей Kloun.

З пункту гледжання фаршэраў, паводзіны чалавека цалкам абмежаваныя сацыяльнымі і маральнымі рамкамі. Грамадства такім чынам прымушае асобу выконваць тыя ці іншыя дзеянні ў канкрэтных абставінах. Падчас фаршынгу чалавек робіць рэчы, якія пабаяўся б зрабіць у штодзённым жыцці, пераступае штораз праз новыя грані, ламаючы пры гэтым шаблоны і разнявольваючыся.

“Менавіта фаршынгам гэтыя дзеянні называюцца таму, што ўдзельнікі не павінны прытрымлівацца нейкага загадзя падрыхтаванага плану, як гэта адбываецца падчас флэш-мобу. Кожны робіць нешта сваё і такім чынам атрымоўваецца нейкі “фарш”, — тлумачыць Сяргей. — Як, напрыклад, атрымалася з акцыяй “Памперсы”. Першапачаткова было задумана, што мы апранем памперсы на галаву і паедзем у метро, але ніхто не думаў, што мы будзем качацца па падлозе, гуляцца з тэлефонамі ў фішкі і машынкі... Фарш-моб адрозніваецца ад флэш-мобу тым, што  ў першым няма строгіх правілаў. Існуе апісанне акцыі, якога прытрымліваюцца ўсе ўдзельнікі, але кожны мае права на імправізацыю — дазваляецца дэбашырыць, гарлапаніць, валяцца на зямлі”.

Што тычыцца ўражанняў, Сяргей распавядае, што толькі падчас удзелу ў акцыі заўважаеш, наколькі аднастайны навакольны свет, і адчуваеш, як ён робіцца больш яскравым, дзякуючы фаршэрам. Адзіная праблема — людзі ў нашай краіне не прызвычаіліся да такога дзейства, таму і рэакцыя выпадковых гледачоў абсалютна розная: адны злуюць і круцяць пальцам ля скроні, іншыя — усміхаюцца і фатаграфуюць “на памяць”.

Сяргей: “Непасрэдна перад акцыяй адчуваеш мандраж, але галоўнае — зрабіць першы крок. Калі рабіць усё паводле сцэнару — загадзя ведаеш, якімі будуць твае дзеянні і адчуванні. Але існуе шэраг фактараў, што ад цябе не залежаць — напрыклад, калі людзі падыходзяць і пытаюцца, чым мы займаемся і з якой мэтай. Як можна растлумачыць чалавеку, чаму ты стаіш на плошчы у ластах і масцы? Яму будзе складана гэта зразумець”.

Неадназначныя стасункі ў фаршэраў і з міліцыяй. Але, згодна са словамі Сяргея, такімі акцыямі, што могуць “пагражаць артыкулам”, яны стараюцца не злоўжываць:

“Пасля акцыі адчуваеш адначасова і палягчэнне, і эйфарыю, і радасць — разнастайныя эмоцыі, не перадаць словамі. Гэтага нельга зразумець, пакуль сам не паўдзельнічаеш”.

Чым больш людзей прыйдзе, тым больш цікавай можа атрымацца акцыя, але фаршэры не ставяць мэтай масавы ўдзел. Рэклама, як і выказванне палітычных прыхільнасцяў, забароненая — гэта супярэчыць правілам фарш-моба. Сярод мэтаў перадусім — само адчуванне экстрыму. “Мы робім гэта, — кажа Сяргей, — каб павесяліць народ ды й сябе таксама. Такое вось хобі!”.