Фідэля Кастра назвалі "найлепшым журналістам Кубы" 2008 года

"Найлепшым журналістам Кубы" 2008 года названы Фідэль Кастра. Яму прысуджаная адмысловая Нацыянальная прэмія імя Хасэ Марці "за дасягненні ў галіне журналістыкі".
З'езд прадстаўнікоў мясцовых СМІ адзінагалосна прагаласаваў у суботу за высоўванне лідэра кубінскай рэвалюцыі ў якасці самага выбітнага публіцыста па выніках мінулага года.

81-гадовы Фідэль Кастра апошнім часам стала публікуецца ў мясцовай прэсе і ў Інтэрнэце. У сваіх артыкулах ён неаднаразова закранаў "найважнейшыя ўнутраныя і міжнародныя праблемы", асабліва тыя, якія датычаць палітыкі ЗША, інфармуе ИТАР-ТАСС.