Фільм па кнізе Алексіевіч "Оскара" так і не атрымаў

Кінакарціна "Дзверы", знятая Хуанітай Уілсан па кнізе "Чарнобыльская малітва" Святланы Алексіевіч, прэтэндавала на кінаўзнагароду "Оскар" у намінацыі "Лепшы гульнявы кароткаметражны фільм". Аднак "Оскар" атрымала карціна Ёахіма Бэка (Joachim Back) і Ціві Магнусана (Tivi Magnusson) "Новыя арандатары" (The New Tenants). Як адзначае сайт "Беларускія навіны", фільм-пераможца апавядае, як сусед-святоша, гандляр наркотыкамі са шклянымі вачамі і муж, які размахвае зброяй і пагражае помстай, арганізуюць рэкламны аўтафургон.

Нагадаем, што ірландскі рэжысёр Хуаніта Ўілсан зняла фільм "Дзверы" (The Door), заснаваны на гісторыі Мікалая Калугіна — героя кнігі Святланы Алексіевіч "Чарнобыльская малітва". Галоўныя ролі ў фільме выканалі беларускія акцёры Ігар Сігаў (Тэатр беларускай драматургіі, Мінск) і Джульета Казакевіч-Герынг (тэатр "Школа сучаснай п'есы", Масква).