Фотафакт: У Расіі на вучэннях выкарыстоўваюць бомбы “На Берлін!”
Баявы кліч быў папулярным падчас Другой сусветнай вайны.
Фотаздымкі авіяцыйных бомбаў з надпісамі “На Берлін!” і “За Сталіна!” апублікаваў днямі Цэнтральны Ваенна-марскі партал. Паводле інфармацыі партала, у Балтыйскім моры ў жніўні прайшлі вучэнні па бамбардзіровачнай і ракетнай падрыхтоўцы авіяцыі ВМФ. Падчас збораў упершыню за 20 гадоў самалёты Ан-26 адпрацавалі бомбамятанне.
Замежная прэса адрэагавала на гэтыя публікацыі. “Бомбы з надпісамі “На Берлін!” і “За Сталіна!” могуць быць чыстай настальгіяй, але паказваюць небяспечныя тэндэнцыі ў расійскім кіраўніцтве і арміі”, — піша Bild.
Выданне адзначае, што абодва баявых клічы, якія з’явіліся на авіяцыйных бомбах, шырока выкарыстоўваліся падчас вайны СССР з нацысцкай Германіяй.

