"Фрыдам Хаўз" уключыла Беларусь у спіс краін з самым рэпрэсіўным рэжымам

Амерыканская праваабарончая арганізацыі "Фрыдам Хаўз" у чарговы раз уключыла Беларусь у спіс краін з найбольш рэпрэсіўным рэжымам. Як інфармуе БелаПАН, Беларусь разам з Чадам, Кітаем, Кубай, Гвінеяй, Лаосам, Саудаўскай Аравіяй і Сірыяй апынулася ў перадапошняй групе краін па ступені выканання і павагі да правоў чалавека. У апошнюю групу краін, дзе правы чалавека груба парушаюцца, уключаныя Бірма, Экватарыяльная Гвінея, Эрытрэя, Лівія, Паўночная Карэя, Самалі, Судан, Туркменістан, Узбекістан.

У раздзеле, прысвечаным Беларусі, адзначаецца, што ў краіне парушаюцца правы палітычных партый, грамадскіх арганізацый і грамадзян. Канстытуцыя, гаворыцца ў дакладзе, дае прэзідэнту вельмі вялікія паўнамоцтвы, даючы яму магчымасць кантраляваць урад, суд і нават заканадаўчы працэс, бо ўказы прэзідэнта маюць прыярытэт над законамі.

У Беларусі таксама сістэматычна абмяжоўваецца свабода прэсы, адзначаюць праваабаронцы. Улады краіны таксама абмяжоўваюць права грамадзян на свабоду сходаў.