Футбольны Кубак Свабоды прайшоў у Мінску (фота)

У першую групу ўвайшлі “БелРух”, Партыя БНФ і тэлеканал “Белсат”. Другая група —  Аб’яднаная грамадзянская партыя, Рух “За свабоду”, “Маладая Беларусь”. Трэцяя група — Беларуская асацыяцыя журналістаў, “Наша Нiва”, сацыял-дэмакраты. Чацвёртая група — Беларускі Хельсінскі камітэт, Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя, Маладыя Дэмакраты.

У чвэрцьфінал выйшлі восем камандаў – па дзве ад кожнай групы: БелРуху супрацьстаяла МБ, БАЖ — БХД, РЗС — ПБНФ, БХК — СД. У паўфінале БАЖ абыграла БелРух, а сацыял-дэмакраты — ПБНФ.

Пераможцамі “Кубку Свабоды” стала каманда сацыял-дэмакратаў, якая аб’яднала прадстаўнікоў Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) і аргкамітэту па стварэнні Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Народная Грамада). Другое месца заняла БАЖ, трэцяе — у БелРуха.

Па словах генеральнага сакратара БСДП (НГ) Сяргея Скрабца, перамогу сацыял-дэмакраты прысвяцілі “ўсім, хто змагаўся і змагаецца за наша права жыць у сваёй краіне, размаўляць на роднай мове, дыхаць паветрам свабоды”.

Кубак за сумленную гульню ад Беларускай асацыяцыі журналістаў атрымала каманда АГП, паведамляе krynitsa.info

Футбольны турнір “Кубак Свабоды” імя былога віцэ-спікера Вярхоўнага Савету Беларусі Генадзя Карпенкі традыцыйна праходзіць штогод. У ім бяруць удзел партыі і рухі, а таксама грамадскія арганізацыі і незалежныя СМІ.