Галандыя прайграла Беларусі, каб трапіць у лепшы кошык пры лёсаванні?

Пасля сенсацыйнай перамогі зборнай Беларусі па футболе над галандцамі ў розных інтэрнэт-форумах з’явіліся меркаванні, што Галандыя наўмысна саступіла нашай камандзе. У прыватнасці, ёсць меркаванне, што Галандыі неабходна было прайграць, каб трапіць у другі кошык пры лёсаванні на фінальную частку чэмпіянату Еўропы.

Да апошняга адборачнага тура галандцы мелі каэфіцыент 2,521, а немцы 2,363. У выпадку перамогі над беларусамі, яны б адназначна траплялі ў першы кошык, куды дагэтуль ужо трапілі Грэцыя (як дзеючы чэмпіён) і Аўстрыя з Швейцарыяй (як арганізатары чэмпіянату).

Для таго, каб прапусціць немцаў у першы кошык, а самім трапіць у другі, у кампанію да Харватыі, Чэхіі і Італіі, галандцам неабходна было панізіць свой каэфіцыент, адпаведна прайграць беларусам і спадзявацца на перамогу Нямеччыны. Аднак немцы згулялі ўнічыю з Уэльсам. У выніку Галандыя трапіла ў першы кошык, а Нямеччына — у трэці.

Кошык 1: Галандыя, Аўстрыя, Грэцыя, Швейцарыя
Кошык 2: Італія, Чэхія, Харватыя, Швецыя
Кошык 3: Партугалія, Румынія, Нямеччына, Іспанія
Кошык 4: Францыя, Расія, Турцыя, Польшча

Такім чынам, цяпер на чэмпіянаце Еўропы ў адной групе тэарэтычна могуць апынуцца Галандыя, Італія, Нямеччына і Францыя, а, напрыклад, зборная Расіі — разам з Аўстрыяй, Румыніяй і Чэхіяй.