Гамяльчук напісаў на беларускія ўлады скаргу ў ААН
У 2012 годзе экс-кандыдату ў дэпутаты Гомельскага абласнога Савета ад АГП эканамісту Мікалаю Новікаву адмовілі ў друку ўлётак.
Новікаў прайшоў усе судовыя інстанцыі, але так і не змог дамагчыся ўзбуджэння справы па скарзе супраць ААТ "Палесдрук". Дырэктар друкарні Аляксандр Курыленка палічыў тады, што ўлётка кандыдата заклікае да зрыву выбараў.
Суд першай інстанцыі узбуджаць справу адмовіўся. Аналагічную пазіцыю занялі і суддзі касацыйнай інстанцыі, а таксама старшыні абласнога і Вярхоўнага судоў.
Цяпер Мікалай Новікаў з дапамогай праваабаронцаў просіць Камітэт па правах чалавека ААН усталяваць факт парушэння яго права на доступ да правасуддзя, паведамляе сайт spring96.org.