Гандбалісты БГК сталі ўладальнікамі Кубка Беларусі

Брэсцкі гандбольны клуб імя Мяшкова заваяваў Кубак Беларусі. У паўторным фінальным матчы са сталічным "Дынама" брэстчане на сваёй пляцоўцы атрымалі перамогу з мінімальнай перавагай — 32:31, інфармуе БЕЛТА. У першым паядынку лепшых беларускіх камандаў у Мінску 29 красавіка гандбалісты БГК атрымалі больш пераканаўчую перамогу — 34:29.

Такім чынам, брэсцкая каманда ў чацвёрты раз стала ўладальнікам ганаровага трафея. Акрамя яе Кубкам краіны 6 разоў валодалі гандбалісты сталічнага СКА, а мінскі "Аркатрон" выйграваў гэты турнір 4 разы.

Дарэчы, у цяперашнім чэмпіянаце Беларусі залатыя медалі датэрмінова, за 4 туры да фінішу заваявалі мінскія дынамаўцы, якія адабралі чэмпіёнскі тытул у брэстчанаў. Абодва фаварыты сезону 10 траўня ізноў сустрэнуцца між сабой у Брэсце ў чарговым туры нацыянальнага першынства.