Гандлёвая сетка "Дабраном" зачыняе 56 крамаў
Гандлёвая сетка "Дабраном" паведаміла пастаўшчыкам прадукцыі, што бліжэйшым часам зачыняюцца 56 крамаў па ўсёй Беларусі. Крамы будуць зачыненыя да 10 снежня. Пакуль жа, які піша onliner.by, у крамах ідзе распродаж рэштак тавараў. На фота можна пабачыць, як выглядаюць паліцы ў гомельскай краме "Дабраном", якая рыхтуецца зачыніцца.
Нагадаем, што сёлета ў сакавіку "Дабраном" атрымаў крамы гандлёвай сеткі "Родная старана", якая зачынілася. Улетку Міністэрства гандлю абвяшчала, што на 90 дзён зачыняе ўсе 177 крамаў "Дабраном". Прычынай называлася запазычанасць перад пастаўшчыкамі прадуктаў. Аднак менш чым праз два тыдні крамы аднавілі працу, пагасіўшы запазычанасць у 30 млрд рублёў.
Паводле неафіцыйнай інфармацыі, бліжэйшым часам частка гомельскіх крамаў "Дабраном" памяняе шыльду і ўвойдзе ў сетку "Еўраопт".
Фота: onliner.by