Гаспадарчы суд Мінска ліквідаваў "Рух наперад"

Гаспадарчы суд Мінска пазбавіў дзяржаўнай рэгістрацыі даследча-асветную ўстанову "Рух наперад", задаволіўшы пазоў Мінгарвыканкама. Яе дырэктар, прэтэндэнт на пасаду прэзідэнта Уладзімір Някляеў, кажа, што гэтае рашэнне ніяк не паўплывае на яго кампанію.
Уладзімір Някляеў: “Ніяк не паўплывае. Нічога не зменіцца. Яны думалі, што створаць вялікія цяжкасці для нас. Але яны трохі запазніліся. Гэта былі б цяжкасці на самым пачатку, калі б яны выйгралі самы першы суд. Тады б мы насамрэч апынуліся на вуліцы. Мы не былі падрыхтаваныя. А зараз мы ўсё падрыхтавалі. Па-першае, усе сябры кампаніі “Гавары праўду” працуюць сябрамі ініцыятыўнай групы. У кожнага з іх ёсць пасведчанне, што ён з’яўляецца такім сябрам".

Паводле слоў Някляева, калі паўнамоцтвы ініцыятыўнай групы скончацца, то з'явіцца іншая кампанія, у статуце якой будзе прапісана дзейнасць кампаніі “Гавары праўду”.

Нагадаем, што Мінгарвыканкам спачатку праз суд у ліпені скасаваў дамову аб арэндзе памяшкання ўстановай "Рух наперад" і пазбавіў такім чынам "някляеўскую" арганізацыю юрыдычнай адрэсы. Пасля быў пададзены пазоў аб прызнанні рэгістрацыі "Руху наперад" несапраўднай.

Фота — bymedia.net