Гайнц Гудэрыян: “Перадаю Вам Брэст і Брэсцкую крэпасць…”

22 верасня 1939 года ў Брэсце адбыўся сумесны савецка-нацысцкі парад. Пра гэта згадвае брэстаўчанін Валянцін Шаўчук, на той час 11-гадовы хлапчук. 70 гадоў таму у Брэсце адбылося пераразмеркаванне тэрыторый паводле пакта Молатава-Рыбентропа ад 23 жніўня 1939 года.
Валянцін Шаўчук: “Генерал, невысокага росту, пузаты крыху, Гудэрыян, сеў у машыну, пад’ехаў да нашых, там дзе стаяў аркестр нямецкі, павітаўся з нашым прадстаўніком і сказаў: “Адпаведна з дамовай паміж нашымі ўрадамі я ўпаўнаважаны і перадаю вам  Брэст і Брэсцкую крэпасць”. Да яго ад мяне было найбольш метраў дзесяць. Нашыя аддалі яму чэсць, ён сеў у аўто, і шафёр яго адвёз”.

Быў Шаўчук і сведкам уваходу чырвоных у горад: “За мостам Кобрынскім камуністы з стужкамі чырвонымі хадзілі. Яны арганізавалі людзей для сустрэчы савецкай ўлады. Мы, пацаны, праведалі неяк, прыбеглі. Спачатку пайшлі некалькі танкаў. Не “трыццацьчацвёркі”, іншыя. За імі паехалі грузавікі. Палутаркі. Калі трэцяя прайшла, камуністы загаманілі: “Дык гэта нашы! Давайце сустракаць!”

Наколькі многа  людзей чакалі “нашых”?

Валянцін Шаўчук: “Родная мова прыйшла, ужо нас болей не называлі “кацапамі”. А потым, пачынаючы з канца 1939 года, пайшлі арышты людзей. У тым ліку арыштавалі і майго бацьку. Было такое, што суседзі перасталі вітацца. Баяліся, што і іх арыштуюць. У госці людзі перасталі хадзіць”. 

Агулам за паўтара гады ў Брэсцкай вобласці арыштавалі каля 7 тысяч чалавек. Шаўчуку-старэйшаму «навесілі» супрацу з польскай дэфензівай. Калі Валянцін хадзіў па архівах, убачыў рашэнне: усю сям’ю вывезці ў Сібір 3 ліпеня 1941 года. Далі адно спатканне з бацькам у Брэсцкай турме.

Валянцін Шаўчук: "Дзве рукі ягоныя былі бачныя. Дык пазногці былі сінія. Потым ён расказаў, што ўстаўлялі пальцы ў дзверы. Двое трымалі, а адзін душыў. І мусіў падпісваць усё, што скажуць". 

Усе тры ўлады, якія памяняліся ў тыя гады ў Брэсце, Валянцін Шаўчук характарызуе так: “Калі немец пачаў вайну, частка насельніцтва была катэгарычна супраць саветаў. Немцы чым бралі людзей? Казалі: калхоз капут, НКВД капут, Сталін капут. А шмат хто быў арыштаваны проста так, без віны. Багатыя палякі памагалі, запрашалі да сябе ў госці, дарылі падарункі. Дзецям на Новы год запісвалі, хто што хоча, і потым раздавалі. Беспрацоўным давалі дапамогу. Мой бацька хацеў быць машыністам, але сказалі: запішыся ў польскую веру. Ды дзе там. Заядлымі яны былі “кацапамі”, усё толькі рускае, рускае і рускае. Так іх яшчэ дзед выхаваў, газеты рускія любіў чытаць, “Праўду”.

Пасля вайны  Валянцін Шаўчук не давучыўся ні ў  Брэсцкім чыгуначным тэхнікуме, ні ў педагагічным інстытуце. Цікавілася ім КДБ. Мусіў ехаць у Львоў. Стаў заатэхнікам. Але ў Брэсце праз два гады атрымаў “воўчы білет” за рэпрэсаванага бацьку. А бацьку пасля вайны пасадзілі яшчэ на 10 гадоў. Бо з вялікага русафільства той вярнуўся пасля службы ў арміі Андэрса дахаты і тут сказаў, што лепш бы забраў сям’ю ў Англію.

Здымкі з сайта Музея Брэсцкай крэпасці і з інтэрнэта.

 

На здымках: супольны парад 22 верасня 1939 года ў Брэсце.



Перадача Брэста і Брэсцкай крэпасці. Спускаюць нямецкі сцяг.Нямецкі бок прадстаўляе  генерал Гудэрыян, савецкі - брыгадны камісар Крывашэін.