Газ для Беларусі будзе каштаваць 240 долараў за тысячу кубаметраў?

Расійская газета "Коммерсантъ" паведаміла, што ў 2009 годзе кошт газу для Беларусі павінен скласці 240 долараў за тысячу кубаметраў. Пра гэта газеце паведаміў мэнэджар "Газпрома". Двухразовае падвышэнне коштаў з 118—128,9 долара ў 2008 годзе дазволіць расійскай манаполіі зарабіць, па разліках "Ъ", 5,2 млрд долараў замест 2,8 млрд сёлета пры рэалізацыі 22 млрд кубаметраў. Аднак, як адзначае выданне, перамовы на вышэйшым узроўні могуць зафіксаваць ніжэйшы кошт, як гэта здаралася ва ўсе папярэднія гады.

БелаПАН нагадвае: 11 снежня намміністра эканомікі Ўладзімір Адашкевіч паведаміў, што Беларусь разлічвае ў 2009 годзе купляць расійскі газ па кошце не вышэй за 160 долараў за тысячу кубаметраў.