Гендырэктарка "Белпошты" адмовіла чытачу дэмпрэсы

"Белпошта" працягвае дыскрымінаваць недзяржаўныя газэты, па камандзе зверху вярнуўшы магчымасць трапляць да чытачоў толькі "Народнай Волі" і "Нашай Ніве". Дэмакратычны актывіст з Гродзеншчыны Алесь Зарэмбюк напісаў у сталіцу наступны ліст паштоваму начальству:

"Я, жыхар горада Масты, чытач выданняў "Газета Слонімская" і "Новы Час", хачу атрымаць ад Вас адказ на наступнае пытанне: на якой падставе выданні “Газета Слонімская” і “Новы Час” не ўключаны ў падпісныя каталогі на 2009 год?.. Патрабую не ствараць штучных перашкодаў для доступу чытачоў да згаданых выданняў  і ўнесці ў бліжэйшы месяц гэтыя СМІ ў падпісны каталог".

Адказ ад гендырэктаркі "Белпошты" Аляксандры Чарняк мог бы, здаецца, расчуліць самага сярдзітага чалавека. Спадарыня Чарняк найветліва пачала ліст спадару Зарэмбюку: "Паважаны Аляксандр Віктаравіч!", і гэтаксама ветліва закончыла: "З павагаю…"



Як тут будзеш крыўдаваць, тым больш усё па-беларуску напісана! Паштовая начальніца пры гэтым падрабязна растлумачыла незадаволенаму чытачу, што "продаж, падпіска, дастаўка, раздача перыядычных друкаваных выданняў" адбываецца строга ў адпаведнасці з Законам аб друку. Пры гэтым чыноўніца важка зазначыла: "Прымусовае заключэнне дагавароў не дапушчаецца"! (Пункт 1 артыкула 391 Грамадзянскага кодэксу РБ). І яшчэ больш фундаментальна абгрунтавала: "Ніхто не можа быць прымушаны выконваць абавязкі, якія не прадугледжаныя Канстытуцыяй РБ і яе законамі, або —адмовіцца ад сваіх правоў" (артыкул 58 Канстытуцыі).

Вы думаеце, спадарыня Чарняк на гэтым скончыла? Не! Яна паведаміла чытачу з Мастоў, што "РУП "Белпошта", з'яўляючыся суб’ектам гаспадарання, мае права ў сваёй камерцыйнай дзейнасці кіравацца эканамічнай мэтазгоднасцю. Паколькі заканадаўства не абавязвае ўключаць друкаваныя выданні ў каталог, выбар друкаваных выданняў з мэтаю распаўсюджвання праз падпіску з'яўляецца правам РУП "Белпошта", якое рэалізуецца ім у адпаведнасці з законам".

Паўстае рытарычнае, зрэшты, пытанне: чаму, напрыклад, "Белпошта" гэтак любіць газету "Слонімскі веснік" і зусім не любіць "Газету Слонімскую"? Таму што першая зьяўляецца друкаваным органам мясцовай улады, а другую вельмі любіць не начальства, а чытачы? Раз так, "Газету Слонімскую" даўно забаронена друкаваць не толькі мясцовай друкарні, але таксама ўсім іншым дзяржаўным на тэрыторыі РБ. А паколькі пошта таксама ў нас выключна дзяржаўная, то і яна строга выконвае загад зверху.

Усё беларускае насельніцтва, у тым ліку і начальніца "Белпошты", выдатна ведае: з кожнага паштовага аддзялення рэгулярна выціскаюць сокі, гвалтам прымушаючы даваць план па падпісцы на "цэнтральныя", абласныя, раённыя і гэтак далей – афіцыйныя рупары. І паспрабуй не выканай!

Цікава, спадарыня Чарняк таксама лічыць гэта "канстытуцыйным правам у сваёй камерцыйнай дзейнасці кіравацца эканамічнай мэтазгоднасьцю"?

РэгіёнBY