Гэвін Росдэйл вяртае Bush

Брытанскія рокеры Bush вяртаюцца на сцэну. Як паведамляецца, героі альт-рока 90-х плануюць выступіць на амерыканскім фэсце Epicenter Twenty Ten, які адбудзецца ў каліфарнійскім Фантане ў канцы верасня.  Гэта шоў стане першым для каманды за апошнія восем гадоў. Па словах франтмэна Гэвіна Росдэйла, які, відаць, засумаваў ад спакойнага жыцця са сваёй жонкай Гвэн Стэфані (Gwen Stefani), хуткі выступ не стане адзіным выхадам на сцэну Bush. Увосень музыкі плануюць адправіцца ў паўнавартасны рэюніян-тур - прычым з новымі песнямі.

21 чэрвеня каманда ўжо прэзентавала новы сінгл «Afterlife», які ўвойдзе ў альбом з працоўнай назвай «Everything Always Now». Выдаць свой пяты нумарны лонгплэй Bush плануюць у кастрычніку.

Нагадаем, гурт сабраўся ў Лондане ў 1994 годзе. Пасля распаду Bush у 2002-м Росдэйл заснаваў праект Institute, а ў 2008 дэбютаваў з сольным альбомам «Wanderlust».

Фота: guitarmasterclass.net