Гомельская пракуратура вывучае абставіны масавай бойкі

Гомельская пракуратура праводзіць праверку масавай бойкі ў кавярні “Крыніца”. Нагадаем, 10 лістапада ў кавярні пасварыліся дзве кампаніі, пачалася бойка. На дапамогу маладыя людзі выклікалі сваіх сяброў. Калі на месца прыбылі супрацоўнікі дэпартамента аховы, у бойцы каля кавярні ўдзельнічалі ўжо 60 чалавек.

Пабачыўшы міліцыянтаў, хлопцы кінуліся на іх, каб адабраць аўтаматы. Праваахоўнікі стралялі ў паветра, але гэта не дапамагло – на іх напалі і пачалі збіваць. Ці адабралі аўтаматы, невядома.

Неўзабаве на месца прыбыло міліцэйскае падмацаванне, і ўдзельнікі бойкі разбегліся. Былі затрыманыя шэсць чалавек, паведамляе БелаПАН.

На затрыманых былі складзеныя пратаколы аб адміністрацыйным правапарушэнні, аднак гэтых людзей адразу ж адпусцілі.

Пракуратура адмаўляецца паведаміць, колькі чалавек патрапілі пад праверку, колькі людзей пацярпела і якія яны атрымалі траўмы, адзначае Інтэрфакс.