Гомельскім студэнтам забаронена ўдзельнічаць у святкаванні Дня Волі

Адміністрацыя Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта папярэдзіла студэнтаў пра недапушчальнасць удзелу ў акцыі з нагоды Дня Волі ў Мінску. Як паведаміў БелаПАН студэнт 1-га курса гістарычнага факультэта Аляксандр Лясько, 20 сакавіка яго выклікаў прарэктар па выхаваўчай працы Сяргей Ханеня і папярэдзіў, што ў выпадку паездкі 25 сакавіка ў Мінск і затрымання міліцыяй ён можа быць адлічаны з ВНУ.

Студэнт таксама паведаміў, што прарэктар выклікаў і ягоную маці, нягледзячы на тое, што сам Аляксандр Лясько ўжо паўналетні. Маці студэнта прарэктар паведаміў, што ейны сын стварае ва ўніверсітэце “групоўкі”.

Лясько таксама паведаміў, што адміністрацыя ВНУ выклікала шэраг студэнтаў, заўважаных у моладзевым дэмакратычным руху і папярэджвала пра магчымыя наступствы ўдзелу ў акцыі з нагоды Дня Волі.

БелаПАН