Грузія выбірае прэзідэнта: на пасаду прэтэндуюць 23 кандыдаты

Паводле дадзеных большасці соцапытанняў, асноўнымі прэтэндэнтамі на пасаду прэзідэнта з’яўляюцца Георгій Маргвелашвілі ад кіруючай кааліцыі “Грузінская мара”, Давід Бакрадзэ ад “Адзінага дэмакратычнага руху” (партыя Саакашвілі) і Ніно Бурджанадзэ ад партыі “Дэмакратычны рух — Адзіная Грузія”. Дзеючы прэзідэнт Міхаіл Саакашвілі паводле заканадаўства не можа балатавацца на трэці тэрмін.



Георгій Маргвелашвілі з’яўляецца міністрам адукацыі Грузіі і віцэ-прэм’ерам грузінскага ўраду. Балатуецца ад “Грузінскай мары”, хоць сам не з’яўляецца сябрам ніводнай партыі. Давід Бакрадзэ прадстаўляе апазіцыйную кааліцыю. Ніно Бурджанадзэ быў адным з лідарам “рэвалюцыі ружаў”, якая адбылася ў лістападзе 2003 года і прывяла да змены ўлады ў Грузіі, інфармуе РИА Новости.



Сачыць за выбарамі будуць каля 20 тысяч мясцовых назіральнікаў, а таксама болей за 1,2 тысячы міжнародных назіральнікаў. Асвятляць падзею будуць каля 1,5 тысячы прадстаўнікоў грузінскіх і замежных СМІ.



Калі ніводны з кандыдатаў не набярэ ў першым туры болей за 50% галасоў, будзе прызначаны другі тур.
Пасля інаўгурацыі абранага прэзідэнта ў Грузіі пачнуць дзейнічаць канстытуцыйныя папраўкі, якія істотна абмяжуюць уладу кіраўніка дзяржавы на карысць прэм’ер-міністра і ўрада. Згодна з новай Канстытуцыяй, урад стане вярхоўным органам выканаўчай улады, які забяспечвае ажыццяўленне ўнутранай і знешняй палітыкі краіны і падпарадкоўваецца парламенту Грузіі. Прэзідэнт будзе гарантам адзінства і незалежнасці краіны.