Хакейны заўзятар згубіў сына, калі пайшоў у бар

Як інфармуе БЕЛТА, у спарткомплексе "Мінск-Арэна" міліцыянты пабачылі заплаканага 5-гадовага хлопчыка, які стаяў адзін. Ён расказаў, што прыйшоў на хакей разам з татам, але той сустрэў сваіх сяброў і сышоў з імі на вуліцу. Пры гэтым бацька загадаў дзіцяці заставацца на месцы да яго вяртання. Але чаканне каля ўваходу на адзін з сектараў і доўгая адсутнасць бацькі моцна напалохалі малога.



Хлопчык назваў міліцыянтам сваё імя і прозвішча, а таксама апісаў бацьку. Супрацоўнікі перадалі звесткі па радыёстанцыі, а неўзабаве бацьку дзіцяці знайшлі на тэрыторыі фан-зоны ў бары з сябрамі. Імаверна, сустрэўшы знаёмых, ён проста забыўся і на час, і на дзіця.



Міліцыянты прачыталі гора-бацьку лекцыю наконт яго непедагагічнага ўчынку.



Фота — nevnov.ru