Хілары Клінтан адзначыла прэміяй Насту Палажанку
Клінтан выказала шкадаванне ў сувязі з тым, што Наста Палажанка і Ёані Санчэз з Кубы не здолелі прыехаць на цырымонію, бо ўлады ім гэтага не дазволілі.
Клінтан сказала, што Наста Палажанка з Беларусі жыве ў складаны час. "Краіна ў цэнтры Еўропы дагэтуль прыгнятае свой народ, фальсіфікуе выбары, самым жорсткім і брутальным чынам знявольвае палітычных апанентаў, каб іх папалохаць. Але яна не спужалася і выказала сваю пазіцыю", - падкрэсліла Клінтан, перадае Радыё Свабода.
"Я з вялікім здзіўленьнем дазналася пра гэтую прэмію. Калі я ўсвядоміла сам факт узроўню дадзенай узнагароды, канешне, я была ўсцешаная. Усцешаная, ў першую чаргу, не ўвагаю да сваёй асобы, а ўвагаю да нашай сітуацыі і праблемы. Бо падобная прэмія мне — гэта ўзнагарода для кожнага маладафронтаўца, для кожнага хлопца ці дзяўчыны, якія мараць жыць у свабоднай, дабраслаўлёнай Богам Беларусі і ахвяруюць сабою дзеля гэтага", — распавяла Наста Палажанка.
Акрамя Насты Палажанкі, прэміяй за мужнасць сёлета ўзнагароджаныя прэзыдэнт Кыргызтана Роза Атунбаева, камерунская журналістка Генрыета Эквэ Эбонга, Марысэла Маралес Ілбанэз — намесніца генеральнага пракурора па расследваннях арганізаванай злачыннасці (Мексіка) — і іншыя вартыя жанчыны свету.