Ігар Чарняўскі: Інфармацыя пра помнік Леніна ў спісе UNESCO — поўная лухта!

Помнік Леніна не будуць падаваць на ўлучэнне ў Спіс гісторыка-культурнай спадчыны UNESCO. Пра гэта Еўрарадыё паведаміў начальнік упраўлення па ахове гісторыка-культурнай спадчыны і рэстаўрацыі Міністэрства культуры Ігар ЧарняўскіЧарняўскі: Я магу сказаць дастаткова, можа, і груба: гэта поўная лухта!  Ніякага помніка на плошчы Незалежнасці — ніхто і не думаў яго заяўляць. Тым больш, што сам па сабе помнік асобна... Ён ідзе ў комплексе з Домам ураду. як гэта было ў 30-я гады збудавана, а не сам па сабе аб'ект.

Нагадаем, што інфармацыя пра ўключэнне помніка Леніну ў Спіс UNESCO з'явілася 13 траўня на сайце Мінгарвыканкаму.

Па словах Ігара Чарняўскага, на сённяшні дзень Беларусь падала ў Спіс UNESCO 10 аб'ектаў — іх можна пабачыць на сайце арганізацыі. Два з дзесяці ўжо разглядаюцца як кандыдаты ў Спіс — гэта Аўгустоўскі канал ды Сафійскі сабор і Спаса-Праабражэнская царква ў Полацку ("Матэрыяльнае ўвасабленне духоўнай спадчыны святой Эўфрасінні Полацкай"). Яны знаходзяцца ў Цэнтры сусветнай спадчыны. Беларускі бок атрымаў ліст, што яны адпавядаюць тэхнічным умовам. Эксперт UNESCO ужо наведаў Полацк, эксперта на Аўгустоўскі канал чакаюць бліжэйшым часам.


Фота — commons.wikimedia.org