Ігнатавічус: Паглядзім, якой будзе рэакцыя з боку Беларусі

Сустрэча з акрэдытаванымі ў Мінску амбасадарамі краінаў Еўрасаюза сёння прайшла ў МЗС Літвы.  Амбасадары здзейснілі візіт у Вільню, адмовіўшыся ад удзелу ў інаўгурацыі Аляксандра Лукашэнкі.

Як паведамляе DELFI, пасля сустрэчы віцэ-міністр Эвалдас Ігнатавічус на прэс-канферэнцыі сказаў, што гаворка ішла пра тое, чаго трэба дамагчыся да 31 студзеня, калі міністры замежных справаў ЕС вырашаць, як быць з Беларуссю і якія санкцыі ўжываць.

"Паглядзім, якія санкцыі будуць зацверджаныя, якім будзе іх ўздзеянне. Паглядзім, якой будзе рэакцыя з боку Беларусі ў дачыненні да затрыманых, у сувязі з ператрусамі і дзеяннямі, накіраваныя супраць свабоды прэсы, грамадзянскай супольнасці", — сказаў Ігнатавічус.

Віцэ-міністр адзначыў, што роля Літвы як пасярэдніка, якую нефармальна дае суседства, умацоўвае мандат старшыні АБСЕ. Аб магчымых наступствах для двухбаковых адносінаў з Беларуссю ён разважаць не стаў: "Не хачу спекуляваць на тэму, як тыя ці іншыя крокі, якія распачне ЕС, адаб'юцца на адносінах паміж Літвой і Беларуссю. Мы проста кіруемся ўсімі прызнанымі прынцыпамі, пазіцыяй ЕС і каштоўнасцямі, якіх прытрымліваемся пасля ўваходжання ў ЕС".