Інфармацыю пра дрон Літва атрымала ад Беларусі

Дрон, ілюстрацыйнае фота

Дрон, ілюстрацыйнае фота / Shutterstock

Інфармацыю пра магчымы рух беспілотнікаў у бок Літвы Вільня атрымала ад беларускіх Узброеных сіл. Пра гэта паведаміў 20 траўня камандуючы сухапутнымі сіламі Літвы Нерыюс Станкявічус. Паводле яго, інфармацыю ад Беларусі атрымала і Латвія.

"Спачатку былі заўважаныя сігналы радараў — як у Латвіі, так і ў Літве. Было відаць, што да Літвы набліжаюцца нейкія аб'екты", — перадае яго словы выданне Delfi.

У сваю чаргу кіраўнік Нацыянальнага цэнтра кіравання крызісамі Літвы (НЦКК) Вілмантас Віткаўскас заявіў, што яны інфармацыю пра пагрозу атрымалі спачатку ад Латвіі, а потым — ад літоўскіх вайскоўцаў.

Набліжэнне аб'екта зафіксавалі радары ў Ігналінскім раёне. У 9:40 ён парушыў мяжу, а ў 11: 09 знік з радараў. Цяпер яго шукаюць з дапамогай верталётаў і наземных сродкаў.

Як паведамлялася раней, зранку 20 траўня ў Літве і Латвіі абвяшчалася паветраная трывога праз небяспеку дронаў. У Вільні спыняў працу аэрапорт, а жыхароў літоўскай сталіцы заклікалі перайсці ў падземныя сховішчы. У сховішчы былі эвакуяваныя таксама школьнікі Вільні і кіраўніцтва Літвы.

Старшыня Еўракамісіі Урсула фон дэр Ляен усклала на Расію і Беларусь адказнасць за беспілотнікі, якія "пагражаюць жыццю і бяспецы людзей" на ўсходнім флангу Еўрасаюза: "Еўропа адкажа адзінствам і сілай".

Фон дэр Ляен заявіла аб непрымальнасці публічных пагроз Расіі на адрас балтыйскіх дзяржаваў: "Пагроза на адрас краіны-ўдзельніцы ЕС — гэта пагроза на адрас усяго нашага Саюза".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.