Каб атрымаць крэдыт, беларусам давядзецца застрахаваць сваё жыццё і здароўе

У Беларусі з 2008 года будзе страхавацца жыццё і здароўе кожнага чалавека, які атрымлівае ў банку кароткатэрміновы крэдыт.
Пра гэта паведаміла намеснік генеральнага дырэктара "Белдзяржстраху" Юлія Арэшчанка. Новы від страхавання дазволіць засцерагчы паручыцеляў у выпадку, калі крэдытаатрымальнік па якія-небудзь прычынах не зможа выплачваць крэдыт.

Яна растлумачыла, што шматлікія грамадзяне выступаюць паручыцелямі для сваіх знаёмых і сваякоў пры атрыманні імі крэдыту ў банку. У выпадку смерці або страты здароўя пазычальніка, паручыцелі нясуць адказнасць за вяртанне крэдыту.

Каб зменшыць гэтую адказнасць, і прапаноўваецца страхаваць жыццё і здароўе крэдытаатрымальніка. “Белдзяржстрах” таксама вядзе перамовы з банкамі аб скарачэнні кольксці паручыцеляў да аднаго чалавека. Праўда, толькі для крэдытаатрымальнікаў, якія маюць страхавы поліс.

БЕЛТА