Каля будынку КДБ ідзе акцыя салідарнасці з палітвязнямі

На 18 гадзінаў сваякі і сябры палітвязняў заклікалі ўсіх неабыякавых людзей прыйсці да будынку КДБ — каб выказаць падтрымку тым, хто цяпер за кратамі.  18.35 Удзельнікаў акцыі няшмат. Хлопец, які хаваў свой твар ад журанлістаў, сышоў, але за ім пайшлі некалькі чалавек у цывільным.

Як паведаміў журналіст Еўрарадыё Віталь Ругайн, у яго на вачах затрымалі хлопца і дзяўчыну. Супрацоўнікі ў чорнай вопратцы паказалі ім пасведчанні і павялі некуды па вуліцы Камсамольскай. Верагодна, многія людзі, якія прыйшлі, проста пабаяліся дастаць прынесеныя плакаты, бо навокал вельмі шмат сілавікоў у цывільным.

Кіраўнік прэс-службы мінскай міліцыі Аляксандр Ластоўскі сказаў журналістам адысці на іншы бок вуліцы.


18.22
Колькасьць тых, каму ўдалося прабіцца да будынку КДБ, вырасла да 10 чалавек, паведамляе nn.by.


18.20
Да дар'і Корсак далучыўся яшчэ адзін удзельнік акцыі. Твар яго разгледзець не ўдаецца — ён хаваецца ад журналістаў.

З'явілася інфармацыя, што ўдзельнікаў акцыі затрымліваюць на падыходах да КДБ — каля гатэля "Мінск" і "Макдональдса". Таксама кадэбісты не дазваляюць, каб акцыя павялічвалася колькасна — мінакам настойліва "рэкамендуюць" не затрымлівацца.


18.05 Кадэбісты затрымалі журналіста Радыё "Свабода" Алега Груздзіловіча, але неўзабаве адпусцілі. Са сваякоў затрыманых да КДБ прыйшла толькі Дар'я Корсак — жонка Аляксандра Атрошчанкава. Яна трымае партрэт мужа.


17.50 Як паведаміў карэспандэнт Еўрарадыё Віталь Ругайн, у 17.50 у скверыку Дзяржынскага каля КДБ яшчэ не было ўдзельнікаў. Затое было некалькі дзясяткаў сілавікоў у цывільным, у якіх пад курткамі працавалі рацыі. Каля цэнтральнага ўваходу ў КДБ дзяжурылі чацвёра ахоўнікаў у форме.
 
Да журналістаў выйшаў прадстаўнік КДБ. Ён заявіў, што калі журналісты будуць здымаць будынак Камітэту дзяржбяспекі, то іх затрымаюць. Прадставіцца ён адмовіўся.