Кампанія Apple атрымала самы вялікі прыбытак у карпаратыўнай гісторыі
Такія вынікі канцэрн атрымаў дзякуючы продажам iPhone 6 у перадкалядны перыяд. Чысты прыбытак канцэрна склаў 18 млрд долараў.
За тры месяцы 2014 года з кастрычніка па 27 снежня ўключна канцэрн Apple прадаў 74,5 млн айфонаў і атрымаў у выніку чысты прыбытак у аб’ёме 18 млрд долараў. Такіх сенсацыйных квартальных паказчыкаў яшчэ не дасягала ніводнае іншае прадпрыемства ў свеце.
Грашовая “падушка” Apple цяпер складае 178 млрд долараў. Гэтых грошай хопіць, каб купіць IBM або выдаць кожнаму амерыканцу па 556 долараў на рукі, адзначае Reuters.
Вялікую частку прыбытку прынеслі продажы iPhone 6 і 6 plus у Кітаі, дзе рост продажаў павялічыўся на 70%. Падвоіўся аб’ём продажаў смартфонаў і ў Сінгапуры ды Бразіліі. Але самым значным рынкам для Apple застаецца ўсё ж ЗША.
Кіраўнік кампаніі Цім Кук адзначыў, што ў красавіку кампанія выпусціць свой новы прадукт - Apple Watch.
Фота — kvedomosti.com