Кампанія салідарнасці: мільёны рублёў, тысячы ахвочых дапамагчы

Пад час абвешчанай партыяй БНФ кампаніі салідарнасці з рэпрэсаванымі і пацярпелымі ў часе падзеяў 19 снежня атрымалася сабраць больш за 16 тысяч долараў. Як паведаміў сёння ў эфіры Еўрарадыё сакратар управы БНФ Сяржук Семянюк, на ўправу ў першыя два тыдня пасля 19 снежня штодзень прыходзілі сотні людзей, якія прапаноўвалі разнастайную дапамогу. Можна смела сказаць, што за гэты час праз офіс фронта прашло некалькі тысяч чалавек.

Колькі грошай удалося сабраць за гэты час Сяржук Семянік не стаў казаць, але пацвердзіў, што сума большая за 50 мільёнаў рублёў. Гэтыя грошы пайшлі на аказанне юрыдычнай дапамогі, аплаты штрафаў і сутак, ды іншай падтрымкі тым, хто ў гэтым асабліва мае патрэбу. 

"Пытаннем грошай многія цікавяцца. Але мы яшчэ не ўсім аказалі дапамогу, таму пакуль не будзем казаць пра агульную суму. Калі мы патрацім апошнюю капеечку, адразу ж прадставім грамадству падрабязную справаздачу, колькі грошай сабралі і куды яны пайшлі", — кажа Семянюк.

Зараз на ўправу БНФ па дапамогу звярнулася каля 400 чалавек, але яшчэ некаторым патрэбная падтрымка. Адна з іх — Мая Абромчык. Дзяўчына 19 снежня была жорстка збітая спецназам, хоць у акцыі пратэсту яна не ўдзельнічала. У Маі зламаная нага, яна чакае чарговую аперацыю. 

Акрамя таго, як паведаміла Мая ў эфіры Еўрарадыё, яна звярнулася ў пракуратуру з скаргай на неправамерныя дзеянні міліцыі. І зараз збірае грошы на адвакатаў для ўдзелу ў магчымым судовым працэсе.

"Калі мы даведаліся пра Маю, адразу вырашылі, што павінны ёй дапамагчы. Мы падтрымлівалі яе калі яна ляжала ў шпіталі, і зараз мы таксама ёй дапаможам, і нават з'ездзім да яе ў госці", — сказаў у эфіры Еўрарадыё Сяржук Семянюк.