Каму дастаюцца кватэры выселеных неплацельшчыкаў?

Як стала вядома Еўрарадыё, з дапамогай “злосных неплацельшчыкаў” і “нядбайных бацькоў”, якім камунальнікі пагражаюць высяленнем з кватэр, можна палепшыць свае жыллёвыя ўмовы. Апошнім часам камунальнікі сур’ёзна заняліся барацьбой са “злоснымі неплацельшчыкамі”. І без доўгіх размоў падаюць дакументы на высяленне з кватэр ў суд на ўсіх, у каго запазычанасць па камунальных плацяжах перавышае тэрмін нявыплат у 6 месяцаў. Нават скардзяцца на недахоп жылля нізкай якасці, у якое можна было б людзей перасяляць. І тады б колькасць выселеных ішла б не на адзінкі, а на дзясяткі. На гэта Еўрарадыё паскардзіўся юрыст Смаргонскага раённага ЖКГ Ігар Дземянчонак.

Ігар Дземянчонак:
“Высяленнем мы маглі б займацца значна больш эфектыўна, калі б было больш вольных жылых памяшканняў, яны дастаткова рэдка вызваляюцца, куды можна выселіць нашых запазычальнікаў”.

Сёлета, кажа, такім чынам, згодна з артыкулам 71 Жыллёвага кодэкса, змаглі выселіць толькі дзве сям’і. Адну з 3-пакаёвай, а другую – з 4-пакаёвай кватэры. І тое толькі таму, што 2 аднапакаёвыя кватэры змаглі вызваліць, выселіўшы людзей… проста на вуліцу.

Ігар Дземянчонак: “Так мы высяляем згодна з 39-м артыкулам Жыллёвага кодэкса, за сістэматычнае разбурэнне і псаванне жылога памяшкання. У нас 3 такія кватэры былі выяўленыя, 3 іскавыя заявы былі пададзеныя. Па двух былі задаволеныя нашы патрабаванні і людзей выселілі на вуліцу. Абсалютна без прадстаўлення жылога памяшкання. А аднаму выпала магчымасць прадставіць неўладкаванае, у вельмі дрэнным стане, але проста яно на нашым балансе вісела, памяшканне. Была заключана міравое пагадненне і чалавек з добраўпарадкаванай кватэры пераехаў у домік, дзе, фактычна, чатыры сцяны і дах”.

Але не толькі неплацельшчыкі рызыкуюць у любы момант апынуцца на вуліцы. Згодна з прэзідэнцкім дэкрэтам, камунальнікі маюць права дабівацца праз суд высялення тых нядбайных бацькоў, якія не кампенсуюць дзяржаве выдаткі на ўтрыманне іх дзяцей у інтэрнатах. Прычым калі неплацельшчыкаў па законе могуць выселіць толькі з дзяржаўнай кватэры, то нядбайных бацькоў, паводле слоў юрыста смаргонскіх камунальнікаў, высяляюць і з прыватызаваных.

Ігар Дземянчонак: “У адносінах да гэтай катэгорыі дэкрэтам прэзідэнта прадугледжана такая магчымасць – высяляць з кватэр, у тым ліку прыватызаваных, у жылыя памяшканні меншыя па плошчы, альбо якія саступаюць па тыпавых спажывецкіх якасцях. У тым ліку, і за межамі населенага пункта”.

Праўда, кажа, смаргонскія камунальнікі такога досведу пакуль не маюць. Што ж тычыцца дзяржаўных кватэр, то кватэры неплацельшчыкаў за камунальныя плацяжы прызнаюцца сацыяльным жыллём і размяркоўваюцца адпаведна з чаргой сярод людзей гэтай катэгорыі. А пазыкі камунальнікам спісваюцца. Кватэры нядбайных бацькоў здаюцца ў наём і такім чынам дзяржаве кампенсуюцца выдаткі на ўтрыманне дзяцей.

Але, як стала вядома Еўрарадыё, кватэры “высяленцаў” маюць мала шанцаў патрапіць да тых, хто стаіць у чарзе на сацыяльнае жыллё. Іх яшчэ да пачатку судовага разбіральніцтва могуць перахапіць жадаючыя палепшыць свае жыллёвыя ўмовы. Дастаткова, кажа Ігар Дземянчонак, падысці да камунальнікаў і даведацца, каго ў бліжэйшы час збіраюцца высяляць.

Ігар Дземянчонак:
“Мы можам даць інфармацыю і параіць падысці да чалавека і пагаварыць: на якіх умовах ён пагодзіцца зрабіць абмен кватэры”.

А калі раптам і не пагодзіцца, то дабіцца такога абмену можна праз суд.

Ігар Дземянчонак: “Калі падаецца іскавая заява на высяленне згодна з 39 артыкулам Жыллёвага кодэкса без прадастаўлення жылога памяшкання, то, у прынцыпе, можна падаваць іск не на высяленне, а на прымусовы абмен. Абавязаць віннага нам абмяняцца памяшканнем з нейкім грамадзянінам”.

І з пункту гледжання закона выканаўца абавязкаў старшыні Смаргонскага раённага суда Людміла Пятрова нічога ў гэтым заганнага не бачыць.

Людміла Пятрова: “Гэта законам і не прапісана, але можна пэўныя дзеянні здзейсніць, якія законам не забароненыя. Гэты чалавек, які хоча кватэру набыць, гасіць усе запазычанасці перад дзяржавай за камунальныя плацяжы. І яны потым афармляюць усё на законных падставах – дамаўляюцца з чалавекам, і няма праблем”.

Іншая справа, ці не пачнуць супрацоўнікі ЖКГ рабіць бізнес на дапамозе жадаючым палепшыць свае жыллёвыя ўмовы. Але як гэтага пазбегнуць, суддзя не ведае.

Людміла Пятрова: “Карупцыю адсачыць па адзінкавых выпадках немагчыма. Вось калі нейкая сістэма будзе назірацца і сведчанні таго, што гэтыя звесткі камунальнікі будуць даваць з мэтай атрымання выгоды пэўнымі супрацоўнікамі ЖКГ, то тады – так”.

І прызналася, што асабіста яна вельмі не любіць разбіраць справы аб высяленні – людзей шкада. Хай, кажа, лепш смаргонцы дамаўляюцца аб такім абмене паміж сабой.