Камуністы губляюць большасць у малдаўскім парламенце

Кіруючая Партыя камуністаў Малдовы лідыруе на пазачарговых парламенцкіх выбарах. Але апазіцыйныя партыі разам атрымліваюць у парламенце большасць галасоў, паведамляе РІА "Новости". Па звестках Цэнтравыбаркаму пасля апрацоўкі 98% бюлетэняў, малдаўскія камуністы набралі 45,1% галасоў (48 дэпутацкіх мандатаў), ліберал-дэмакраты — 16,4% (17 месцаў у парламенце), лібералы — 14,4% (15 месцаў), дэмакратычная партыя — 12,6% (13 месцаў) і альянс "Наша Малдова" — 7,4% (восем месцаў). Пра гэта паведаміў сакратар ЦВК Юры Чокан.

Для абрання парламентам прэзідэнта краіны неабходны 61 голас з 101. Пазачарговыя парламенцкія выбары былі прызначаныя з-за таго, што па выніках выбараў, якія прайшлі 5 красавіка, партыі камуністаў не хапіла аднаго дэпутацкага мандата для абрання прэзідэнта Малдовы, а апазіцыйныя партыі адмовіліся падтрымаць кандыдата ад камуністаў.