Канада асуджае рэпрэсіі супраць беларускай апазіцыі

Міністар замежных спраў Канады Лоўрэнс Кэнан выступіў з заявай, у якой выказаў занепакоенасць лёсам Уладзіміра Някляева і іншых затрыманых актывістаў апазыцыі, паведамляе Радыё Свабода. Міністар заявіў, што даручыў часоваму паверанаму ў справах Канады ў Беларусі перадаць ураду Рэспублікі Беларусь "глыбокае расчараванне" сітуацыяй у Беларусі. Міністар выказаў занепакоенасць лёсам затрыманых актывістаў апазіцыі, у тым ліку Уладзіміра Някляева, стан якога застаецца невядомы.

“Канада выказалася ясна і пераканаўча, што асуджае рэпрэсіі супраць дэманстрантаў, у прыватнасці, збіццё і затрыманне многіх лідэраў апазіцыі. Мы з'яўляемся сведкамі кроку назад, і я настойліва заклікаю ўлады Беларусі змяніць накірунак і адстойваць дэмакратычныя прынцыпы, паважаць правы чалавека і вяршэнства закона. Людзі Беларусі заслугоўваюць таго, каб іх голас быў пачуты без пагрозы гвалтоўнага пакарання” – гаворыцца ў заяве.

Гэта ўжо не першая заява міністра замежных спраў Канады пасля прэзідэнцкіх выбараў 19 снежня ў Беларусі.