Капітан мінскага "Дынама" Ёзэф Штумпел ізноў атрымаў траўму

Хакеіст ледзь аднавіўся пасля траўмы вока і паспеў згуляць у чэмпіянаце КХЛ толькі два матчы, як ізноў трапіў у камандны лазарэт. Як інфармуе БЕЛТА, 7 лістапада падчас выязнога паядынку з чэхаўскім "Віцязем" гулец гаспадароў зваліўся на нагу Ёзэфа Штумпела. У выніку ў капітана мінчукоў апынуліся пашкоджаныя звязкі правага калена. Тэрмін аднаўлення складзе каля трох тыдняў.

Дарэчы, у чэмпіянаце КХЛ цяпер перапынак, які завершыцца 17 лістапада. У гэты дзень мінскія дынамаўцы згуляюць на выездзе з чалябінскім "Трактарам". Аднак, мяркуючы па ўсім, і гэты матч, і наступныя тры гасцявыя сустрэчы (19 лістапада з "Салаватам Юлаевым" ва Ўфе, 21 лістапада з "Металургам" у Магнітагорску і 23 лістапада з "Атлантам" у Мыцішчах) Ёзэф Штумпел вымушаны будзе прапусціць.

Апроч капітана, загойваюць траўмы таксама галкіпер "Дынама" Андрэй Мезін, абаронцы Андрэй Антонаў і Віктар Касцючонак.