Каранацыя абраза Маці Божай Браслаўскай — з каталіцкімі іерархамі з 11 краін

Каля 30 іерархаў каталіцкай царквы з 11 краін прымуць удзел ва ўрачыстай цырымоніі каранавання абраза Маці Божай Браслаўскай "Уладарка азёр". Каранацыя адбудзецца ў Браславе 22 жніўня.  Па звестках агентцва БелаПАН, у святкаванні прымуць удзел святары з Беларусі, Расіі, Украіны, Польшчы, Літвы, Латвіі, Нямеччыны, Італіі, Славакіі, Вялікабрытаніі, ЗША. Урачыстую імшу з каранаваннем узначаліць кардынал Ёхім Майснэр, мітрапаліт Кёльнскі.

Каранаванне, якое стане прызнаннем цудадзейнасці абраза, будзе праходзіць на вуліцы каля храма, бо ён не зможа змясціць велізарную колькасць удзельнікаў цырымоніі.

Выява Божай Маці Браслаўскай стане першым каранаваным абразом у Віцебскай вобласці і сёмым — у Беларусі. Раней пацверджанне сваёй цудадзейнасці атрымалі шэсць абразоў: Маці Божай Берасцейскай (1996 год), Маці Божай Будслаўскай (1998 год), мінскі абраз Бязгрэшнага Зачацця Божай Маці (2005 год), Маці Божай Кангрэгацкай у Фарным касцёле Гродна (2005 год), Маці Божай Гудагайскай (2007 год), Божай Маці Тракельскай (2009 год).

У праграме каранавання ў Браславе акрамя рэлігійных мерапрыемстваў запланаваныя таксама святы латышскай, літоўскай, украінскай і польскай культур.