Кастусёў: Рада інтэлігенцыі несур'ёзна паставілася да выбару "адзінага"

Рада інтэлігенцыі не здольная выбраць адзінага, бо сама працуе неарганізавана. Такое меркаванне ў гутарцы з Еўрарадыё выказаў прэтэндэнт на прэзідэнцкую пасаду ад Партыі БНФ Рыгор Кастусёў. Ён распавёў, што ўдзельнічаў у чатырох паседжаннях Рады, прысвечаных выбару "адзінага кандыдата" ад апазіцыі. І хаця да самой ідэі "адзінага" Кастусёў ставіцца прыхільна, праца Рады яго расчаравала.

Кастусёў: "Я чалавек пунктуальна дакладны. І калі прыязджаеш на нейкае паседжанне... А я прыязджаў звычайна са Шклова ці Магілёва. І хоць гэта вельмі далёка, але я прыязджаў загадзя - за 5-10 хвілін. Паседжанні адбываліся з затрымкай на гадзіну. Паседжанні нават зрываліся, бо ніхто не мог адчыніць дзверы, а арганізатары спазняліся на гэтую сустрэчу. І такі, мякка кажучы, вельмі несур'ёзны падыход мне не падабаецца".

Акрамя таго, па словах Кастусёва, няясным быў і прынцып падпісання дэкларацыі кандыдатаў. Пад гэтым дакументам ставілі подпісы не толькі кандыдаты, але і людзі, якія не абвяшчалі пра свае прэзідэнцкія амбіцыі, - напрыклад, Сяргей Калякін, Аляксандр Ярашук, Анатоль Лябедзька, Уладзімір Някляеў.

Кастусёў: "Калі нейкая арганізацыя ці якісьці чалавек бярэцца арганізаваць групу людзей (у гэтым выпадку прэтэндэнтаў) да якойсьці справы, але калі гэтая арганізацыя не зарганізавалася як мае быць сама, яна не можа прэтэндаваць на вырашэнне вялікай і важнай справы. Спачатку трэба зарганізавацца самім, а тады ўжо ўплываць на іншых".

Нагадаем, на вечар 3 жніўня прызначанае паседжанне Рады інтлігенцыі. Паводле папярэдняй заявы кіраўніка Рады Ўладзіміра Коласа, гэта можа быць апошняе паседжанне, прысвечанае абранню адзінага, бо кандыдаты не хочуць адмовіцца ад сваіх амбіцый дзеля агульнай справы.