КДБ адмовілася вярнуць тэхніку "Нашай Ніве"

У сваім хадайніцтве рэдакцыя газеты падкрэслівала, што адсутнасць тэхнікі, забранай падчас ператрусаў, стварае перашкоды ў прафесійнай дзейнасці супрацоўнікаў. "Наша Ніва" звярталася з прапановай вярнуць хаця б тую частку камп’ютараў, што болей не патрэбная ў мэтах следства, паведамляе газета.

У адказе з Упраўлення КДБ за подпісам палкоўніка Уладзіміра Калача паведамляецца, што "рэчы будуць вернутыя пасля правядзення неабходных працэсуальных дзеянняў". І гэта прытым, што некаторыя з вынятых носьбітаў інфармацыі былі зусім пустыя.

На думку рэдакцыі, гэтыя зацяжкі сведчаць, што мэтай ператрусаў і вымання тэхнікі былі не толькі "следчыя дзеянні", але і жаданне ўскладніць працу незалежным СМІ.