КДБ дапытвае непаўнагадовых без прысутнасці бацькоў

Актывістка Маладога фронту Віка Ладзіс мае 15 год, але следчыя КДБ дамагліся яе допыту, паведамляе Радыё Свабода.

"Мяне выклікалі ў КДБ на што я ім адказала, што мне няма 18 год, а толькі 15. На гэта яны мне адказалі, каб я прыходзіла ў КДБ, бо ёсць такі закон, паводле якога я магла быць на допыце з 14 год без прысутнасці бацькоў ці іншых людзей. Паколькі я хварэла, то супрацоўнік КДБ прыйшоў да мяне дахаты і распытваў пра Насту Палажанку, цікавіўся хто якія пасады займае ў Маладым фронце, колькасць актывістаў і гэтак далей"- распавяла актывістка.

Выклік на допыт непаўнагадовых без ведама і згоды іх бацькоў – грубае парушэнне дзейнага заканадаўства, заяўляе праваабаронца і юрыст Алег Воўчак. "У мяне такое ўражанне, што улада сказала КДБ, МУС і ўсім астатнім – што хочаце, тое і рабіце – цалкам пайшла ў прававое бязмежжа",- дадаў праваабаронца.