КДБ пачаў атаку на партыю Калякіна
Сёння раніцай у Мінску на чыгуначным вакзале былі затрыманыя два намесніка старшыні Беларускай партыі левых "Справядлівы свет" Анатоль Лашкевіч і Валер Ухналёў.
Як распавёў парталу UDF.BY Валер Ухналёў, ён прыехаў раніцай на вакзал, каб сустрэць з Масквы Анатоля Лашкевіча.
"Падставы для нашага затрымання былі фармальныя: у аднаго з нас ёсць пытанні да пашпарта, а другі падобны на злачынца, які адшукваецца. Нас папрасілі прайсці ў пакой міліцыі, дзе ўжо знаходзіліся супрацоўнікі дзяржбяспекі, якія ўручылі нам позвы на допыт. Тут жа нас пасадзілі ў машыну і адвезлі ў КДБ, дзе на працягу некалькіх гадзін быў праведзены допыт", распавёў Ухналёў.
Ухналёў сказаў, што ён прыцягнуты да справы аб масавых беспарадках у Мінску 19 снежня ў якасці сведкі. Па завяршэнні допыту палітыкі былі адпушчаныя на волю.
Сёння да следчага Аляксандра Ятчанкі выкліканы на допыт у КДБ лідэр Партыі "Справядлівы свет" Сяргей Калякін.
Нагадаем, толькі ўчора прэс-служба партыі распаўсюдзіла Заяву Бюро Цэнтральнага Камітэта, у якім выяўленае асуджэнне неабгрунтаванага ўжывання сілы ў дачыненні ўдзельнікаў мірнай акцыі пратэсту і іншых людзей і заклік да ўлады неадкладна вызваліць усіх затрыманых.