Кэтрын Эштан і Штэфан Фюле не плануюць сустракацца з Мартынавым

Як даведалася Еўрарадыё, еўракамісар і Высокі прадстаўнік ЕС па знешняй палітыцы з'ехалі з Бруселя, а ў іх працоўных графіках пакуль няма сустрэчы з беларускім міністрам (АБНОЎЛЕНА)
"Мы не можам пацвердзіць сустрэчу паміж Эштан і беларускім міністрам замежных спраў. Такой сустрэчы ў графіку няма. Баранэса Эштан сёння знаходзіцца ў Лондане", — паведамілі Еўрарадыё ў прэс-службе Высокага прадстаўніка ЕС па знешняй палітыцы.

Нагадаем, 7 студзеня прэс-сакратар Кэтрын Эштан Мая Кочыянчыч паведаміла замежным СМІ аб тым, што такая сустрэча плануецца. Сёння ж яна паведаміла агенцтву БелаПАН, што сустрэча можа адбыцца ў сераду 12 студзеня.

Па некаторых звестках, Сяргей Мартынаў, магчыма, планаваў сустрэцца з еўракамісарам па пытаннях еўрапейскай палітыкі Штэфанам Фюле. Аднак у прэс-службе еўракамісара Еўрарадыё паведамілі, што не валодаюць інфармацыяй аб сустрэчы Фюле з Мартынавым на гэтым тыдні.

Прэс-служба Штэфана Фюле: "Штэфан Фюле сёння раніцай паляцеў ва Ўкраіну проста з Прагі. Ён нават не быў у Бруселі, і падобная сустрэча была фізічна немагчымая. Ён прыляціць з Украіны заўтра ўвечары".

МЗС Беларусі пацвярджае, што 10 студзеня Сяргей Мартынаў знаходзіцца ў Бруселі, але падрабязнай інфармацыі па праграме візіта не прадстаўляе

Фота: belarus.by