Кіраўніцтва БАЖ сустрэлася з галоўным ідэолагам краіны

Кіраўніцтва Беларускай асацыяцыі журналістаў сустрэлася з памочнікам прэзідэнта, начальнікам галоўнага ідэалагічнага ўпраўлення Адміністрацыі прэзідэнта Ўсеваладам Янчэўскім.  Сустрэча адбылася з ініцыятывы журналісцкай арганізацыі і доўжылася больш за гадзіну. Незалежныя СМІ прадстаўлялі кіраўніца БАЖу Жана Літвіна і яе намеснік Андрэй Бастунец.

Галоўнымі тэмамі падчас гутаркі сталі вяртанне недзяржаўнай прэсы ў дзяржаўную сістэмы распаўсюду і практыка прымянення заканадаўства аб барацьбе з экстрэмізмам. Абмяркоўваліся таксама тэмы акрэдытацыі карэспандэнтаў замежных медыя, ператрусаў 27 сакавіка, доступу журналістаў да інфармацыі з афіцыйных крыніц, узроўню журналісцкай адукацыі ў Беларусі, рэгулявання Інтэрнету і адпаведнасці беларускага заканадаўства ў галіне СМІ міжнародным стандартам.

Па словах Ж.Літвіной, такая сустрэча адбылася ўпершыню за апошняе дзесяцігоддзе. І хаця журналісты не атрымалі гарантый, што ўсе прыярытэтныя праблемы будуць зараз вырашаныя, але праяўленая У.Янчэўскім зацікаўленасць дала надзею на пэўныя зрухі.

Прэс-служба БАЖ