Кіркевічу пагражае ад 3 да 8 гадоў зняволення

Яго забралі ў КДБ, а пазней ён паведаміў праз тэлефон маці, што яго вязуць у следчы ізалятар КДБ у Мінску. Яшчэ пазней да маці патэлефанавала адвакатка з Мінску і паведаміла, што яму пагражае турэмны вырак ад 3 да 8 гадоў, паведамляе Радыё Свабода.

Увесь час маці Алеся Кіркевіча, спадарыня Ларыса, спрабуе даведацца, дзе дакладна знаходзіцца яе сын і за што яму пагражае такі вялікі вырак. Яе асабліва ўстрывожыла тэлефанаванне мінскай адвакаткі, якая нават не прадставілася.

Спадарыня Ларыса кажа, што сына з дому забралі без цёплага адзення і нават зубной шчоткі. Званкі ў Мінск, а таксама спробы мінскіх сяброў Алеся Кіркевіча высветліць, дзе ён знаходзіцца, былі марныя.

Алесь Кіркевіч ужо адбыў у Мінску 10-сутачны арышт за ўдзел у акцыі салідарнасці 24 снежня ля турмы на завулку Акрэсціна. Але, на думку сяброў, Алеся могуць асудзіць яшчэ і за ўдзел у падзеях на Плошчы.