Klaxons запісалі альбом з другой спробы

Лонданскі гурт Klaxons скончыў працу над сваім новым альбомам. Другая ў дыскаграфіі індзі-рокераў студыйная кружэлка абзавялася назвай «Surfing The Void» - а вось даты рэлізу пакуль не атрымала: чакаецца, што выйдзе яна летам - восенню гэтага года.  Над дыскам музыкі працавалі ў два этапы. Вынікі першых студыйных сесій з прадзюсерам Джэймсам Фордам не спадабаліся лэйблу, які супрацоўнічае з Klaxons, і музыкі былі вымушаныя звярнуцца за дапамогай да знакамітага Роса Робінсана (Korn, Limp Bizkit, Sepultura) – у лос-анжэлескай студыі якога і скончылі «Surfing The Void».

Першую песню з новага альбома музыкі ўжо паспелі прэзентаваць у інтэрнэце: «Flashover» даступная для праслухоўвання на сайце Klaxons з 25 траўня. Поўны трэк-ліст дыска пакуль не паведамляецца, вядома толькі, што на яго трапяць кампазіцыі «Same Space», «Valley Of The Calm Trees», «Twin Flames», «Echoes», «Astronomical» і «Future Memories», з якімі Klaxons паспелі пазнаёміць публіку падчас нядаўніх выступаў.

Нагадаем, што дэбютны альбом калектыву «Myths of the Near Future», выдадзены ў 2007-м годзе, быў высока ацэнены крытыкамі і публікай і прынёс музыкам прэмію Nationwide Mercury Prize.

Фота: dailymail.co.uk