Клуб "ПМЖ" у Мінску замініравалі дзве п'яныя мінчанкі
Нагодай стала тое, што ахова не пусціла іх у клуб.
Як паведамляла Еўрарадыё, сёння ўначы паступіла паведамленне, што на вуліцы Прытыцкага ў Мінску замініраваны клуб "ПМЖ". З будынка былі эвакуяваныя 25 чалавек, аднак выбуховых прыстасаванняў там не знайшлі.
З будынка мінскага клуба "ПМЖ" уначы эвакуявалі 25 чалавек
Як паведамляе прэс-служба сталічнай міліцыі, праваахоўнікі знайшлі "тэлефонных мінёраў". Імі апынуліся дзве мінчанкі, 19 і 21 года. Дзяўчат затрымалі і даставілі ў Фрунзенскае РУУС сталіцы. На момант затрымання яны былі нецвярозымі: у крыві кожнай з іх было каля двух праміле алкаголю.
Свой учынак дзяўчаты патлумачылі тым, што ахова не пусціла іх у клуб. Ахоўнікам не спадабаўся іх знешні выгляд.
Міліцыянты адзначаюць, што абедзве дзяўчыны раней неаднаразова прыцягваліся да адміністрацыйнай адказнасці, у тым ліку за распіццё алкагольных напояў у грамадскім месцы і ўцягванне непаўналетніх у антыграмадскія паводзіны. Малодшая з іх, да таго ж, знаходзілася ў вышуку, бо яна стаяла на прафілактычным уліку і ўцякла з месца жыхарства.
Максімальнае пакаранне, якое пагражае "тэлефонным мінёркам" — да пяці гадоў пазбаўлення волі.
Фота: uvaga.by